Кастрычніцкая – вуліца ў цэнтры Мінска з абаяльнай індустрыяльнай атмасферай, стрыт-арт мураламі ў некалькі паверхаў і маштабнымі вулічнымі тусоўкамі па выхадных. Дзвіжуха пачала віраваць пасля асваення кафэ, барамі, крэатыўнымі агенцтвамі і адукацыйнымі прасторамі пустуючых завадскіх складоў і лофтаў. І цяпер, можна сказаць, Кастрычніцкая – гэта ўнікальная гарадская з’ява са сваім гарэзлівым і трохі фанабэрыстым, але дужа кампанейскім genius loci.
Гістарычна вуліца Кастрычніцкая адносілася да Ляхаўскага прадмесця, якое праз зручнае размяшчэнне на беразе Свіслачы ў канцы XIX стагоддзя пачало шчыльна забудоўвацца прамысловымі прадпрыемствамі. За два дзясяткі гадоў тут з’явілася некалькі гарбарань, вінны склад, дрожджава-вінакурны завод, чыгуналіцейны завод «Гігант», якія і склалі індустрыяльны воблік ваколіцы. Раней вуліца мела назвы Ніжне-Ляхаўская, Варашылава, Канцавая і з 1961 года стала Кастрычніцкай.
У савецкія часы прадпрыемствы ўзбуйнілі. Так з’явіўся гіганцкі станкабудаўнічы комплекс Мінскага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (МЗКР), невычэрпная крыніца пладова-ягадных вінаў – завод «Крышталь» і парфумер раёна – дрожджавы камбінат. Пасля развалу «саўка», як і паўсюль, абароты вытворчасці рэзка знізіліся, праз што вялікія складскія памяшканні пачалі сумаваць нават па рэху заблуднага сталкера.
На пачатку 2000-х вуліца прываблівала мінскіх тусоўшчыкаў у клуб NC, які па закрыцці хутка набыў культавы статус. Хараством постіндустрыяльнай эканомікі вуліца пачала напаўняцца недзе ў 2011-м, калі ў глыбіні прамысловай затокі адкрылася кавярня NewTon Fashion Art Вuffet з арт-галерэяй і крамай з дызайнерскімі шмоткамі. Пасля Newton закрыўся, адкрылі «Хуліган», насупраць – кругласутачную «Лаўку». У 2014-м прайшла першая Vulica Brasil, тым жа летам афтэрпаці FSP сабрала каля 1500 чалавек на вулічнай вечарыне. Ну і панеслася!





